
Да Дня інвалідаў у Маларыцкім ГДК прайшла канцэртная праграма “Ад сэрца да сэрца”, прымеркаваная да Міжнароднага дня інвалідаў і 30-годдзя Беларускага грамадскага аб’яднання інвалідаў. Перад пачаткам мерапрыемства ў фае можна было паіграць у шашкі, пакаштаваць лекавыя зборы (сардэчна-сасудзістыя, страўнікавы, для ўмацавання імунітэту), прыгатаваныя Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэкай №14, памераць артэрыяльны ціск і ўзровень цукру ў крыві, наведаць выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе дэманстраваліся работы мясцовых майстроў (Вольгі Сініла, Анатолія Каменчука і Валянціны Піліпчук), а таксама маладых людзей аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Урачыстую частку сустрэчы адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук. Ён звярнуўся да прысутных з цёплымі словамі і пажаданнямі добрага настрою, здароўя, веры, надзеі, бадзёрасці духу і ні ў якім разе не губляць аптымізму. Падчас мерапрыемства таксама выступіла дырэктар Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Алесік і благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, протаіерэй Віктар Паляціла.
Шмат станоўчых эмоцый для іх, абмежаваных фізічна, але моцных духам, падарылі самадзейныя артысты ГДК. Прыгожымі песнямі парадаваў прысутных народны хор вэтеранаў (кіраўнік Галіна Бягеза). Сюрпрыз для гледачоў падрыхтавалі таксама юнакі і дзяўчаты з тэатра “Дзеці сонца” аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту, якія паказалі казку “Теремок”.
Мерапрыемства яшчэ раз пераканала, што многія з людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі з’яўляюцца таленавітымі і адоранымі, моцныя духам, здольныя на штодзённы подзвіг і бязмежную любоў да жыцця.
Мікалай НАВУМЧЫК.