
На базе раённай гімназіі прайшоў адборачны этап праваслаўнага “Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру” сярод вучняў нядзельных школ благачыння. На гэты раз у ім прыняло ўдзел шэсць каманд: “Львы”, “Джэнтльмены ўдачы”, “Ніка”, “Вікторыя” (усе з раённай гімназіі, трэнер Леанід Лук’янчук), “Добрыя сэрцы” (СШ №2, трэнер Тамара Тарноўская), “Дабравест” (СШ №1, трэнер Людміла Андраюк). Інтэлектуальнае спаборніцтва правёў кандыдат багаслоўскіх навук, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы г. Маларыта, протаіерэй Віктар Паляціла. Адборачны этап складаўся з трох тураў. Першы (дзесяць пытанняў) з іх быў прысвечаны прападобнаму Афанасію, ігумену Брэсцкаму, другі (дзесяць пытанняў) – свяшчэннамучаніку, архідыякану Нікіфару Кантакузену, трэці (дванаццаць пытанняў) – Полацкаму сабору 1839 года. На абмеркаванне кожнага пытання камандам адводзілася адна хвіліна.
Пераможцам сёлетняга інтэлектуальнага праваслаўнага спаборніцтва, як і ў мінулым годзе, стала каманда “Добрыя сэрцы”. На адзін бал ад лідараў адстала каманда “Джэнтльмены ўдачы”. На трэцяй прыступцы замацаваліся знаўцы з “Вікторыі”.
Хутка зборная каманда Маларыцкага благачыння будзе ўдзельнічаць у епархіяльным этапе ІІІ праваслаўнага “Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру”.
Мікалай НАВУМЧЫК.