Верасень паклікаў за парты

Пасля летніх канікул зноў напоўніліся галасамі дзяцей установы адукацыі Маларытчыны. Учора ў іх былі праведзены ўрачыстыя лінейкі і празвінелі першыя залівістыя званкі, якія традыцыйна прысвячаліся пачатку новага навучальнага года. Святочная атмасфера, прыгожая новая школьная форма, яркiя пышныя букеты, расчуленыя бацькi i ўсхваляваныя дзецi — усё гэта характэрна для 1 верасня. Дня своеасаблівага, непаўторнага, чаканага і шчымлівага. Між іншым, у новым навучальным годзе ў 19 агульнаадукацыйных установах Маларытчыны будуць атрымліваць веды 3104 хлопчыкаў і дзяўчынак. Упершыню за парты сёлета сядзе 327 вучняў, з іх  128 – у сельскіх установах адукацыі.

На ўрачыстых лінейках, прымеркаваных да Дня ведаў, пабывалі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў раёна, а таксама святары Маларыцкага благачыння. Напрыклад, протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны, наведаў прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Ён пажадаў навучэнцам поспехаў у вучобе, моцнага здароўя, радасці, божага благаславення.

Мікалай НАВУМЧЫК.