Тут будзе сад

Другі дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Маларыце быў адкрыты ў кастрычніку гэтага года. Яго гаспадарамі з’яўляюцца Валянціна Сямёнаўна і Пётр Іванавіч Лямачкі. Яны выхоўваюць 4 хлопцаў і 3 дзяўчат.

Падчас асвячэння дзіцячага дома сямейнага тыпу протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі, прапанаваў прыёмным бацькам закласці на тэрыторыі сядзібы сад. Валянціна Сямёнаўна і Пётр Іванавіч гэтую ідэю падтрымалі. Днямі яна была практычна рэалізавана.

Протаіерэй Анатоль Дударчук, настаяцель храма ў гонар святой вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы в.Арэхава, прывёз 40 кустоў буякоў, а протаіерэй Віктар Паляціла – 40 саджанцаў яблынь гатункаў “айдарэт”,  “лігол” і “чэмпіён”. У закладцы будучага саду прымала ўдзел не толькі сям’я Лямачка, але і протаіерэі Віктар Паляціла і Анатоль Дударчук.

Хутка на тэрыторыі дзіцячага дома сямейнага тыпу будуць пасаджаны саджанцы  іншых фруктовых дрэў, якія  прывязе протаіерэй Анатоль Дударчук.

Між іншым, протаіерэй Анатоль Дударчук перадаў выхаванцам дзіцячага дома амаль 45 кілаграм яблыкаў з уласнага саду.

Мікалай НАВУМЧЫК.