Сям’я – любові і вернасці вянец

Нядаўна праваслаўная царква ўшаноўвала памяць святых дабраверных князя Пятра і князёўну Фяўронію Мурамскіх. Яны лічацца ахоўнікамі сям’і і шлюбу. У хрысціянскай традыцыі святыя Пятро і Фяўронія Мурамскія маюць асаблівую ролю. Іх жыццё – гісторыя ўзаемаадносін мужа і жонкі, якія здолелі пераадолець усе складанасці доўгага і цяжкага зямнога шляху, паказаўшы ўзор, ідэал хрысціянскай сям’і. Дзень сям’і, кахання і вернасці быў устаноўлены па ініцыятыве жыхароў Мурама ў 2008г. Між іншым, святыя Пятро і Феўронія жылі на пачатку ХІІІ стагоддзя.

З нагоды гэтага свята ў ГДК прайшоў канцэрт “Сям’я – любові і вернасці вянец”, прысвечаны сям’і, каханню і вернасці. Яго сумесна падрыхтавалі святочны хор (рэгент Валянціна Паляціла) і маладзёжны хор (рэгент Ала Струнец) Мікалаеўскай царквы райцэнтра, а таксама самадзейныя артысты гарадскога Дома культуры (Марыя Пстыга, Яна Філановіч, Марыя Ефлакова, Вікторыя Ляўчук, Аляксей Пішчык, Дарафея і Дар’я Новікавы, Аліна Дворак, Алег Самасюк, Лілія Чуль, Яўгенія Наўрасюк, Анатолій Барысюк).

Да прысутных са шчырымі словамі віншавання, пажадання сямейнага дабрабыту, памнажэння любові звярнулася Наталля Філіповіч, вядучая канцэрта, і протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі.

— Святыя Пятро і Фяўронія мелі тыя духоўныя якасці, – сказаў айцец Віктар Паляціла, – якія неабходны ўсім, хто спрабуе правільна будаваць свае сямейныя адносіны. І сёння дабраверным Пятру і Фяўроніі асабліва моляцца тыя, хто пачынае шлюбнае жыццё, дае ў святым вянчанні зарок вернасці і любові, згоды і клопату адзін пра аднаго. Сваё сямейнае і шлюбнае жыццё кожнаму неабходна будаваць, беручы за прыклад дабраверных Пятра і Фяўронію Мурамскіх.

Гэтае свята дарыць святло і каханне, аб’ядноўвае людзей, бо каханне, вернасць і дабрыня – вечныя. Яны з’яўляюцца сапраўднымі каштоўнасцямі для ўсіх і на ўсе вякі. Дзень памяці святых дабраверных князя Пятра і князёўны Фяўроніі Мурамскіх яшчэ раз напамінае нам, што сям’я — гэта самая вялікая каштоўнасць чалавека. Маленькая яна ці вялікая, маладая ці “са стажам”, у любым выпадку гэта — крэпасць, дзе цябе любяць і чакаюць.

Мікалай НАВУМЧЫК.