Сушытніцу ўпрыгожыць праваслаўны храм

Любое пачынанне павінна быць благаславёна. У адваротным выпадку нават цвік прама не заб’ецца. Тым больш, калі размова ідзе пра будаўніцтва новага дома Божага. Іх на Маларытчыне хутка будзе на адзін больш.

Для жыхароў в.Сушытніца 10 жніўня сапраўды стала гістарычнай датай. У гэты дзень протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, і протаіерэй Пётр Пяшко, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга в.Хаціслаў, па благаславенні епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана адслужылі малебен перад пачаткам усякай добрай справы на месцы, дзе пачаліся работы па ўзвядзенні праваслаўнага храма. Ён будзе ўзведзены на паўднёвым захадзе вёскі ў гонар Смаленскай іконы Божай Маці “Адзігітрыя” (Пуцевадзіцельніца). Знагоды гэтай падзеі на месцы будаўніцтва сабралася шмат вернікаў не толькі з Сушытніцы, але і з навакольных вёсак Хаціслава, Мельнік, а таксама — з Маларыты. А на наступны дзень, 11 жніўня, ужо быў заліты падмурак у зямлі. Пасля правядзення падрыхтоўчых работ чакаецца прыезд Іаана, архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага, які адслужыць чын асвячэння закладкі каменя ў будаўніцтва новай царквы.

Расказвае протаіерэй Пётр Пяшко:

-У час вандроўкі па святых месцах Расіі я пабываў ў Туле. У яе прыгарадзе мяне ўразіла па сваёй прыгажосці адна невялічкая царква. Прыкладна такая ж хутка будзе ўпрыгожваць і Маларытчыну.

Храм узводзіцца на ахвяраванні прыхаджан. Зямельны ўчастак для яе будаўніцтва выдзелены бліз чыгункі і спрошчанага пункту пропуску праз дзяржаўную мяжу з Украінай. Адсюль пачынаецца наша краіна. Храм у гонар іконы Божай Маці “Адзігітрыя” – гэта як своеасаблівы сімвал таго, што мы ўсіх на сваёй зямлі сустракаем і прымаем з мірам. Божая Маці падчас знаходжання на тэрыторыі Беларусі падарожнікам будзе з’яўляцца абаронцай і заступніцай.

Храм будзе мець памеры 6 х 10 метраў і амаль 15 метраў у вышыню разам з купалам і крыжом на ім.

Таксама на сцяне храма (пакуль яшчэ канчаткова не вырашана дзе: на ўваходзе ці ўнутры) будзе ўвекавечана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. У жніўні 1943г. фашысцкі цягнік узарваўся на партызанскай міне, дзе непадалёку працавала пуцявая брыгада. У знак помсты ворагі рассталялі 13 рабочых.

Між іншым, неабходную праектную дакументацыю ўзвядзення храма распрацавала прыватнае архітэктурна-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства “Архинстрой” (г.Пінск).

Мікалай НАВУМЧЫК.