Сагрэтыя ўвагай і любоўю

На Маларытчыне працягваецца традыцыйная навагодняя акцыя “Нашы дзеці”. Усё больш людзей стараецца ўнесці свой уклад у гэтую дабрачынную справу. Такое маштабнае мерапрыемства праводзіцца ў рэспубліцы ў адпаведнасці з нацыянальнымі планамі дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў. Акцыя “Нашы дзеці” накіравана на аказанне дапамогі і падтрымкі дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў асаблівай увазе дзяржавы і грамадства. Падзяліцца з імі цеплынёй сэрцаў, акружыць клопатам і ўвагай — асноўная мэта мерапрыемстваў, што праводзяцца ў яе рамках. Да акцыі актыўна падключыліся арганізацыі, прадпрыемствы, установы, а таксама асобныя жыхары  горада і раёна.

Нядаўна прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкага раёна, разам наведалі 25 дзяцей з сямей у Маларыце, а таксама ў вёсках Ужова, Лукава, Чарняны, Дарапеевічы, Печкі, Вялікарыта, Зеляніца, Дрочава, Арэхава, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Хлопчыкаў і дзяўчынак яны павіншавалі са святамі і ўрачыста ўручылі свае падарункі. Між іншым, у РАУС яны набыты за кошт  сродкаў супрацоўнікаў аддзела.

Не засталіся без увагі і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Маларыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Да іх  на навагодні ранішнік “У гасцях у казкі” прыйшлі з падарункамі шматлікія госці. Сярод іх – прадстаўнікі Маларыцкага аддзялення Дэпартамента аховы, прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Берксі” (г.Брэст), аддзела пагранічнай службы “Маларыта” і аддзяленняў “Макраны”, “Хаціслаў”, “Олтуш”, індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Панасюк, сям’я Вольгі і Аляксандра Алексюка (г.Маларыта), а таксама праваслаўнае сястрынства ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”, якое існуе пры Мікалаеўскай царкве г.Маларыта.

Навагодняе свята атрымалася яркім, незабыўным, бо ў зале панавала добразычлівая і шчырая атмасфера. Яно пакінула незабыўныя ўражанні і ў чарговы раз дало магчымасць паверыць дзецям у казку.

Мікалай НАВУМЧЫК.