Расці, сад, квітней!

У Маларыцкай раённай гімназіі днямі быў  закладзены  яблыневы сад. У акцыі, прымеркаванай да Года малой радзімы, удзел прынялі вучні 9 і 10 класаў, настаўнікі ўстановы адукацыі, а таксама благачынны цэркваў Маларыцкай акругі протаіерэй Віктар Паляціла і настаяцель храма ў гонар святой вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы аг.Арэхава протаіерэй Анатоль Дударчук.

Святары прывезі 40 саджанцаў яблынь гатункаў “айдарэд”,  “лігол”, “белы наліў”, “голдэн”, “каштэля”, “беларуская чырвоная”, а таксама – два саджанцы грэцкага арэха. Між іншым, усе саджанцы маюць ўзрост адзін год і вырашчаны ў асабістым гадавальніку  протаіерэя Анатоля Дударчука.

Добрай справе спрыяла выдатнае надвор’е. Праз пэўны час згуртаванай і стараннай працы на ўчастку роўнымі радамі былі высаджаны маладыя дрэўцы. Іх адразу палівалі і падвязвалі вучні. Дапамагамі пасадзіць яблыні і святары. А протаіерэй Анатоль Дударчук яшчэ расказаў, як неабходна правільна даглядаць за пасаджанымі дрэўцамі.

У той жа дзень сад быў закладзены і на тэрыторыі сядзібы першага дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Маларыце. Сюды протаіерэй Віктар Паляціла і протаіерэй Анатоль Дударчук прывезлі 21 саджанец яблынь шасці гатункаў, а таксама 16 кустоў буякоў і адзін куст журавін. У закладцы будучага саду прымалі ўдзел гаспадары дома Таццяна Мікалаеўна і Вячаслаў  Іванавіч Абрамук і іх дзеці. Між  іншым,  протаіерэй Анатоль Дударчук яшчэ перадаў выхаванцам дзіцячага дома 60 кілаграмаў яблыкаў з уласнага саду.

Мікалай НАВУМЧЫК.