Праваслаўны інтэлектуальны “Фавор”

У Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў першы праваслаўны турнір “Фавор” гульні “Што? Дзе? Калі?” Ініцыятарам правядзення інтэлектуальнага спаборніцтва выступіў протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкай акругі, настаяцель Мікалаеўскага храма райцэнтра, кандыдат багаслоўскіх навук. Арганізатарам спаборніцтва стаў нястомны інтэлектуал Леанід Лук’янчук, настаўнік раённай гімназіі, які гульнямі “Што? Дзе? Калі?” на Маларытчыне займаецца ўжо не адзін год. Каманды юных знаўцаў, якія ён трэніруе, не раз займалі першыя прыступкі і станавіліся прызёрамі конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку — і міжнародных.

Першы інтэлектуальны турнір “Фавор” сабраў 5 каманд юных знаўцаў (тры – з раённай гімназіі, якія трэнірую Леанід Лук’янчук) з гарадскіх устаноў адукацыі. Ім было прапанавана 36 пытанняў. На абмеркаванне кожнага пытання, згодна з умовамі турніру, давалася адна хвіліна. Між іншым, пакет пытанняў рознай цяжкасці праваслаўнай і агульна хрысціянскай накіраванасці для спаборніцтва прыдумаў Леанід Лук’янчук. Ён жа турнір і правёў.

Больш за ўсіх балаў набрала каманда “Джэнтльмены ўдачы” з раённай гімназіі ў складзе васьмікласнікаў Яўгена Карпука (капітан), Рамана Завадскага, Антона Надзежука, Івана Буглака і Рэната Ібрагімава, а таксама сямікласніка Уладзіслава Шульжыка. Яна і стала пераможцай спаборніцтва. На другое выніковае месца “ўзабраліся” юныя знаўцы з “Часу забаў”, яшчэ адной каманды раённай гімназіі. На трэцяй прыступцы апынуліся “Міратворцы” з сярэдняй школы № 2 (трэнер Ірына Андрайчук).

Каманды-пераможцы, а таксама ўсе ўдзельнікі турніру атрымалі падарункі ад протаіерэя Віктара Паляціла.

Мікалай НАВУМЧЫК.