Пачэсная задача – захаваць спадчыну.

Маларыцкая зямля не так і багата на гісторыка­-культурную спадчыну. Аднак асобныя помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры мінулага раёна выклікаюць сапраўдную цікавасць і захапленне. Яны маюць сваю непаўторнасць, адметныя рысы і з’яўляюцца прадметам гонару. Пра гэта засведчыў і выязны занятак абласнога семінару па праблемах захавання, выкарыстання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, які нядаўна прайшоў на Маларытчыне. У мерапрыемстве прынялі ўдзел спецыялісты раённых (гарадскіх) выканкамаў Брэстчыны, якія курыруюць пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Сёння ў Маларыцкім раёне Беларуская праваслаўная царква прадстаўлена 15 прыходамі. Сем храмаў занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта цэрквы ў г.Маларыта, вёсках Ляхаўцы (упершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакументах у 1575г.), Олтуш (1668г., у 1783г. перабудаваны), Хаціслаў (1668г.,  храм, што існуе цяпер, узведзены, па адных звестках, у 1752г., па другіх — у 1799г.), Гвозніца (1668г., з 1812г. па 1816г. вялося будаўніцтва новага храма, у 1878г. быў праведзены яго капітальны рамонт), Дарапеевічы (пабудавана ў 1671г.), Чарняны (1799г.).

Удзельнікі абласнога семінару наведалі некаторыя культавыя аб’екты раёна: царкву ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в.Ляхаўцы (настаяцель іерэй Віталь Равінскі), царкву ў гонар Праабражэння Гасподняга ў в.Олтуш (настаяцель іерэй Уладзімір Стрэха), а таксама царкву Праабражэння Гасподняга ў в.Хаціслаў (настаяцель протаіерэй Пётр Пяшко). Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, святары прыходаў, пазнаёмілі спецыялістаў раённых (гарадскіх) выканкамаў Брэстчыны з храмамі, якія наведваліся. Цікавую экскурсію па праваслаўных храмах вёсак Ляхаўцы, Олтуш і Хаціслаў правёў Валерый Мароз, эксперт культавага дойлідства Брэсцкай вобласці. Ён расказаў пра асаблівасці, адметнасці цэркваў, пазнаёміў з некаторымі святынямі, якія ў іх захоўваюцца.

-Ляхавецкая царква адна з нямногіх, у якой захаваліся жывапісныя помнікі мінулых стагоддзяў, — гаварыў Валерый Вячаслававіч. – У храме знаходзяцца іканастас і кіёты ХІХ стагоддзя, а таксама абраз Мікалая, Мірлікійскага цудатворцы. Гэта ўнікальны помнік належыць да Маларыцкай школы жывапісу. Спецыялісты яго ўзнікненне датуюць ХVІ — пачаткам ХVІІ стагоддзя. Адчуваецца ўплыў эпохі Рэнесансу, партрэтнага мастацтва. Гэты абраз на Маларытчыне раней ушаноўваўся як цудатворны. На ім – рэдкі від адлюстравання святога. Выява Мікалая Цудатворцы вянчаецца каронай.

Дарэчы будзе сказаць і пра работы мастака з Малой Рыты, які тварыў у 1648-1650 гадах. Між іншым, рэпрадукцыі яго абразоў можна знайсці ў кнізе “Іканапіс і алтарны жывапіс ў ХІІ-XVIII стагоддзях”, якая ўбачыла свет у выдавецтве “Беларусь”.  Невядомы майстар пісаў свае шэдэўры для храмаў навакольных вёсак. Звесткі пра творцу губляюцца ў глыбіні стагоддзяў. З аднаго дакумента 1685г., тэкст якога перадаецца летапісцам Олтушскага прыходу, напісана, што ў час наступлення казакоў у 1648г. гэтая мясцовасць таксама падвяргалася нападу паўстанцаў. Магчыма, што якраз тады майстар і пасяліўся тут, бо ў 1648г. ён напісаў абраз “Успенне Багародзіцы” для Праабражэнскай царквы в.Олтуш. Калі ж казакі сталі цярпець няўдачу, невядомы майстар паехаў у іншае месца.

Мастацтвазнаўцы перакананы, што маларыцкі майстар добра ведаў валынскі іканапіс. Невядомы творца больш строга, чым тагачасныя мастакі, прытрымліваўся іканаграфічных канонаў, валодаў індывідуальнай манерай пісьма, любіў ярка-чырвоныя, зялёна-блакітныя пігменты, вохру, пазалочаны фон з фларальным разным (“з надсечкамі”) арнаментам, дэкарыраванне палёў. Гэтае дае магчымасць прыпісаць яму некалькі твораў, выяўленых у час экспедыцый Дзяржаўнага мастацкага музея БССР і Музея старажытнабеларускай культуры ў 1970г. у Маларыце і вёсках Ляхаўцы, Олтуш… Да нашага часу захаваліся толькі чатыры абразы маларыцкага майстра.

⃰  ⃰  ⃰

Да пытанняў гісторыка-культурнай спадчыны ў нашым раёне сур’ёзнае стаўленне. Сёння на Маларытчыне ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў па захаванні, утрыманні, рацыянальным выкарыстанні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны,- сказаў Андрэй Гарбацэвіч. — Зберагчы яе – гэта важная справа кожнага свядомага жыхара раёна. Захаваць спадчыну, перадаць яе нашчадкам — пачэсная задача для ўсіх маларытчан.

На здымках: у час правядзення абласнога семінару на Маларытчыне.

Мiкалай Навумчык.