Падзяка Богу за атрыманы ўраджай

У нашых продкаў спрадвеку існаваў добры звычай: любую важную справу абавязкова пачынаць і заканчваць шчырай супольнай малітвай. Гэтая традыцыя адрадзілася і прыжылася на Маларытчыне. Не стаў выключэннем і сёлетні год.

У лютым у Мікалаеўскай царкве райцэнтра на вячэрнім богаслужэнні адбылося малебнае спяванне з акафістам іконе Божай Маці “Спорительница хлебов”. У час яго саборна ўзносіліся шчырыя малітвы Богу, Царыцы Нябеснай. Тады протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў Маларыцкай царкоўнай акругі, і протаіерэй Сергій Струнец, клірык Мікалаеўскай царквы райцэнтра, благаславілі вернікаў на плённую працу, асвяцілі насенне збожжавых, гародніны на добры і багаты ўраджай.

А 29 кастрычніка ў Мікалаеўскай царкве г.Маларыта быў адслужаны падзячны малебен з акафістам іконе Божай Маці “Спорительница хлебов” за атрыманы ўраджай. На богаслужэнні прысутнічалі кіраўнікі раёна: Мікалай Шум, старшыня Маларыцкага райвыканкама, Вадзім Галоўчык, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Маларытчыны.

Пасля завяршэння богаслужэння протаіерэй Віктар Паляціла, благачынны цэркваў раёна, пажадаў прысутным здароўя, міру, душэўных сіл, шчасця і дабрабыту, спору ў працы, Божай дапамогі і благаслаўлення ва ўсіх справах і пачынаннях.

Мікалай НАВУМЧЫК.