Мітынг ля помніка ахвярам фашызму.

6 жніўня 2017 г. ля помніка ахвярам фашызму “Падаючыя крыжы” ў Белавежскай пушчы па добрай штогадовай традыцыі адбыўся мітынг, прысвечаны памяці расстраляных тут падчас Вялікай Айчыннай вайны беларускіх і польскіх мірных жыхароў.

Сёлета ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, госці з Польшчы і Расіі, не засталіся абыякавымі да гэтай падзеі і жыхары навакольных вёсак, а таксама родзічы  пахаваных у брацкай магіле.

Распачаў мерапрыемства народны духавы аркестр Пружанскага гарадскога Дома культуры, які выканаў гімн Рэспублікі Беларусі і Польскай Народнай Рэспублікі, пасля чаго ўступнае слова сказаў намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Мікалай Пятровіч Кудравец.

Затым да прысутных звярнуўся настаяціль навазасімавіцкага храма іконы Божай Маці “Нечаканая Радасць” іерэй Сергій Сысаляцін: “Мы з вамі жывём у мірны час. Наша пакаленне не ведала вайны, і за гэта мы павінны быць удзячныя тым, хто ў часы ліхалецця ахвяраваў сваёй маладосцю, здароўем, нават жыццём дзеля будучыні”. Святар заклікаў усіх сціліць сваі сэрцы ў супольнай малітве за тых, хто ў гады вайны быў расстраляны на гэтым месцы. Ля брацкай магілы была адслужана паніхіда па спачылых воінах, якія за Веру, Айчыну і народ жыццё сваё аддалі, і ўсіх, хто пакутліва загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Затым вакальны ансамбль Навазасімавіцкага сельскага Дома культуры “Амафор” пад кіраўніцтвам Наталлі Данцовай выканаў творы на духоўныя тэмы.

Напрыканцы мерапрыемства да брацкай магілы былі ўскладзены вянкі і жывыя кветкі.

Арына Сысаляціна