Маларыцкай царкве – 109 гадоў

З 1965г. у Маларыцкім раёне дзейнічала толькі 3 царквы –  у Маларыце, Чарнянах і Олтушы.  У 1990г. было адноўлена Маларыцкае благачынне, межы якога супалі з межамі раёна. Пачалі адкрывацца зачыненыя храмы і будавацца новыя на месцы зруйнаваных. Цяпер у Маларыцкай царкоўнай акрузе, якая ўваходзіць у склад Брэсцкай епархіі,  налічваецца 16 прыходаў. У адным з іх – у райцэнтры – будуецца храм у гонар Маларыцкай іконы Божай Маці. Цяпер на ўзвядзенне гэтага храма патрэбны грашовыя ахвяраванні.

Кастрычнік-лістапад для Мікалаеўскай царквы Маларыты – час памятных дат. 23 кастрычніка адзначалася 109 гадоў з дня яе першага асвячэння. Нагадаем, што ў 1992г. адбыўся пажар у Мікалаеўскім храме. Царква хутка была адноўлена. 6 лістапада 1993г. прастол і храм былі асвечаны архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам.

6 лістапада 2008 г. у Маларыце прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да стагоддзя Мікалаеўскай царквы. Напярэдадні, вечарам, каля храма быў асвечаны памятны крыж, а пасля Бажэственнай літургіі Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі, правёў чын асвячэння адноўленай Маларыцкай іконы  Божай Маці  “Замілаванне”.

Сёлета на святочнае богаслужэнне ў Маларыту  прыехалі святары з многіх благачынняў епархіі. Пасля Бажэственнай літургіі адбыўся хрэсны ход вакол храма і малебен. Здавалася, што сама прырода радавалася гэтай падзеі.

6 лістапада спаўняецца 14 гадоў (створана ў 2003г. па благаславенні Іаана, епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага) з дня заснавання праваслаўнага сястрынства ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” (старшая сястра Любоў Колпікава). Хутка адзначыць сваё 11-годдзе праваслаўнае маладзёжнае таварыства ў гонар свяціцеля Мікалая, Мір Лікійскага цудатворцы.

Мікалай НАВУМЧЫК.