Каб тую вайну не забылі

9 мая 2017 г. – не проста каляндарная дата. Гэта свята, якое было і застаецца самым радасным і дарагім. Колькі б ні мінула зімаў і вёснаў з таго пераможнага часу, мы ніколі не забудзем тых, хто да канца застаўся верным прысязе і воінскаму абавязку, хто прынёс мір, спакой на нашу зямлю, радасць стваральнай працы. Гэты дзень з’яўляецца ўвасабленнем мужнасці, патрыятызму і стойкасці савецкага народа ў барацьбе з фашызмам.

І кожны год 9 мая многія маларытчане лічаць сваім абавязкам прыняць удзел у традыцыйным шэсці ў гонар Дня Перамогі. У 9.00 яно традыцыйна стартавала з гарадской плошчы і сёлета.

Начале святочнай калоны – ГАЗ-69, на якім прымацаваны транспарант “Бессмяротны полк”. У машыне сядзяць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Далей — удзельнікі шэсця нясуць царкоўны ліхтар, запрастольны крыж, ікону Божай Маці. Жыхары Маларытчыны, вучні ўстаноў адукацыі горада і ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці крочаць з вялікім чырвоным транспарантам, на якім напісаны імёны тых, хто змагаўся з ворагам на франтах і ў тыле. Многія прыйшлі падтрымаць акцыю “Бессмяротны полк”, якую ў чарговы раз арганізаваў РК ГА “БРСМ”. У руках маларытчан — транспаранты з фатаграфіямі сваіх родных, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Тон руху задае ансамбль барабаншчыц СШ №1 райцэнтра (кіраўнік Аляксандра Вашчынчук). У святочнай калоне – раённая ўлада на чале з Мікалаем Шумам, старшынёй райвыканкама, прадстаўнікі працоўных і вучнёўскіх калектываў, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў, госці нашага горада… Многія з іх — з рознакаляровымі шарыкамі, флажкамі і кветкамі.

Ранкам 9 мая ў Мікалаеўскай царкве г. Маларыта быў адслужаны падзячны малебен Госпаду за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, паніхіда па тых, хто загінуў. Пасля яе заканчэння ўсе, хто прысутнічаў у храме, разам з протаіерэем Віктарам Паляцілам, благачынным Маларыцкай царкоўнай акругі, і протаіерэем Сергіем Струнцам, клірыкам Мікалаеўскай царквы райцэнтра, сёстрамі праваслаўнага сястрынства ў гонар абраза Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”, хрэсным ходам накіраваліся на гарадскую плошчу. Там яны далучыліся да жывой людской плыні.

Калона павольна рухаецца да помніка ахвярам  Другой сусветнай вайны, які знаходзіцца ў скверы на вуліцы Савецкая (разгалінаванне дарог Олтуш-Збураж).

Тут адбыўся мітынг “Салют Перамозе!” памяці тых, хто заплаціў цаною ўласнага жыцця за сённяшні мірны дзень, за чыстае неба над галавой, хто набліжаў радасць сорак пятага.

Мерапрыемства пачалося Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь. Затым выступіў Мікалай Шум, старшыня райвыканкама. Шчыра і пранікнёна прагучалі словы, звернутыя да прысутных, з вуснаў Соф’і Якубчык, намесніка старшыні Маларыцкага раённага савета ветэранаў, Аляксандра Праўдзіна, ваеннага камісара раёна, Дзяніса Бахара, першага намесніка каменданта пагранічнай камендатуры “Маларыта”.

Пасля Мікалай Шум і Аляксей Дзямінскі, першы сакратар РК ГА “БРСМ”, урачыста ўручылі  членскія білеты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Протаіерэй Віктар Паляціла шчыра павіншаваў ветэранаў, усіх прысутных з Днём Перамогі. Потым было абвешчана мнагалецце аб здрароўі ўсім вэтеранам, вайскоўцам, уладзе, народу нашай Айчыны і ўзнесена  прашэнне “о упокоении душ приснопамятных вождей и воинов, за веру и Отечество на поле брани жизнь свою положивших, от ран и глада скончавшихся, в пленении и горьких работах невинно умученных и убиенных и всех Победы ради потрудившихся”.

Гучыць траурная мелодыя. Па традыцыі да помніка ахвярам Другой сусветнай вайны ўскладваюцца вянкі і кветкі. Першы кошык памяці з кветкамі — ад старшыні райвыканкама Мікалая Шума  і старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятра Губея.Хвілінай маўчання прысутныя ўшаноўваюць памяць тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Раздаецца  трохразовы салют са стралковай зброі.

Мікалай НАВУМЧЫК.