Хрэсны ход у Хаціславе.

25 чэрвеня ў Спаса-Праабражэнскім храме в. Хаціслаў, якому сёлета спаўняецца 216 гадоў з моманту асвячэння, саборам святароў на чале з протаіерэем Віктарам Паляцілам, благачынным Маларыцкай царкоўнай акругі, была адслужана боская літургія. Пасля заканчэння ўрачыстага богаслужэння ад Спаса-Праабражэнскай царквы выйшаў традыцыйны хрэсны ход. Ён штогод збірае многа вернікаў не толькі з навакольных вёсак, але і з іншых населеных пунктаў раёна. Сёлета хрэсны ход быў прымеркаваны да дня памяці прападобнага Ануфрыя Вялікага і тысячагоддзя  з моманту прадстаўлення роўнаапостальнага  князя Уладзіміра.

…Хрэсны ход павольна накіроўваецца на вясковыя могілкі, дзе знаходзіцца Ануфрыеўская царква. Між іншым, яна была адноўлена ў 1993г. А 26 кастрычніка 1993 г. царкву асвяціў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Канстанцін. У сувязі з 200-годдзем з дня заснавання храма, у 1999г. памяці прападобнага Ануфрыя Вялікага яго наведаў Філарэт, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Царква ў гонар Ануфрыя Вялікага не магла ўмясціць усіх вернікаў, таму малебен быў адслужаны перад уваходам у яе. Свае цёплыя малітвы Богу разам з протаіерэем Віктарам Паляцілам і Пятром Пяшко, настаяцелем Спаса-Праабражэнскага храма Хаціслава, узносіла яшчэ 11 святароў і вялікая колькасць тых, хто прыйшоў ушанаваць памяць угодніка Божага.

Мікалай НАВУМЧЫК.