Да Дня праваслаўнай кнігі

У нядзельных школах пры праваслаўных храмах благачыння, установах адукацыі і бібліятэках Маларытчыны былі праведзены мерапрыемствы з нагоды Дня праваслаўнай кнігі. Асноўная мэта мерапрыемстваў ‒  папулярызацыя праваслаўнай літаратуры сярод насельніцтва.

Напрыклад, у Маларыцкай  раённай бібліятэцы была наладжана выстава праваслаўных кніг “Патаемны свет праваслаўя”. У іх можна знайсці шмат карыснай і патрэбнай інфармацыі, якая дапаможа праваслаўным вернікам правільна посціцца і духоўна ўдасканальвацца ў дні Вялікага посту.

У чытальнай зале раённай бібліятэкі адбылася сустрэча дзесяцікласнікаў раённай гімназіі і СШ № 2 з клірыкам храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы                   г. Маларыта протаіерэем Сергіем Струнцам. Падчас мерапрыемства, якое правяла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Валянціна Ібрагімава, размова ішла аб ролі праваслаўнай кнігі ў жыцці чалавека, адбыўся прагляд відэафільма “У кніжны свет праваслаўя”.

У Дварышчанскай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна духоўных зносін “Урокі святасці” з удзелам  настаяцеля храма Праабражэння Гасподняга  протаіерэем Уладзімірам Страхой, а ў Макранскай сельскай бібліятэцы адбылася сустрэча “Ключы ад неба” з настаяцелем храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы іерэем Сергіем Капанька.

Мікалай НАВУМЧЫК.