Аб праваслаўных святынях Беларусі

Маларыцкая дзіцячая бібліятэка другі год рэалізуе інфармацыйна-пазнавальны праект “Беларусь: вядомая і невядомая”. Яго мэта — рознабакова пашырыць веды школьнікаў аб роднай краіне, выклікаць у іх цікавасць да незвычайных і малавядомых фактаў.

Нядаўна ў рамках гэтага праекта прайшло віртуальнае падарожжа “Праваслаўныя святыні Беларусі” для вучняў 7 “Б” класа СШ №1.  Прэзентацыя “Гісторыя беларускага праваслаўя”, якую падрыхтавалі супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі, пазнаёміла сямікласнікаў са старажытнымі цэнтрамі праваслаўнай веры на Беларусі (Полацкам і Туравам), з выдатнымі асобамі беларускай гісторыі (Еўфрасінняй Полацкай і Кірылам Тураўскім). Протаіерэй Віктар Паляціла, настаяцель Мікалаеўскага храма г.Маларыта, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, кандыдат багаслоўскіх навук, расказаў прысутным пра цудатворныя іконы, якія ёсць на Беларусі, пра святыя мясціні роднай зямлі, аб тых людзях, якія прылічаных да ліку святых, а таксама пра цікавыя факты з гісторыі развіцця праваслаўнай веры на Маларытчыне.

Напрыканцы сустрэчы   протаіерэй Віктар Паляціла адказаў на пытанні сямікласнікаў.

Мікалай НАВУМЧЫК.