Калядкі ў Маларыце

У храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы г.Маларыта восьмага студзеня на вячэрнім богаслужэнні, як заўсёды, было шмат вернікаў. Пасля яго заканчэння клірык царквы протаіерэй Сергій Струнец зачытаў “Рождественское послание” мітрапаліта Мінскага і  Заслаўскага Паўла. Затым прысутных шчыра павіншаваў з Нараджэннем Хрыстовым старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, які пажадаў усім міру, дабрабыту, шчасця, здароўя, здзяйснення задуманага ў новым годзе.  Прысутнічаў у храме таксама і намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук.

Затым у царкве пачаліся штогадовыя традыцыйныя Калядкі – духоўныя песнапенні, у якіх услаўляўся народжаны Ісус Хрыстос на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах. У іх прынялі ўдзел святочны хор, хор Нядзельнай школы і праваслаўнага сястрынства ў гонар абраза Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы г.Маларыта. Сваімі песнапеннямі тых, хто быў у царкве, таксама парадаваў зводны хор прыходаў вёсак Збураж і Замшаны, хары праваслаўных прыходаў з вёсак Арэхава, Ляхаўцы і Олтуш.

Мікалай НАВУМЧЫК.